Беларуская Служба

ВПС Польшчы пачынаюць выводзіць з эксплуатацыі МіГ-29

12.03.2026 14:47
ВПС Польшчы эксплуатуюць знішчальнікі МіГ-29 з 1989 года.
 -29
Знішчальнік МіГ-29 ВПС Польшчы фота: Julian Herzog/CC BY 4.0/Wikimedia Commons

Знішчальнікі МіГ-29, якія на працягу дзесяцігоддзяў служылі ў ВПС Польшчы, пакрысе будуць выводзіцца з эксплуатацыі. Асноўная прычына — іх узрост. У першую чаргу МіГі пакінуць авіябазу, якая знаходзіцца ў горадзе Мальбарк (паўночна-ўсходняя Польшча).

Гаворыць камандзір 22-й базы тактычнай авіяцыі палкоўнік Гжэгаж Чубскі.

— Пакуль што няма дакладных дадзеных аб тэрмінах і колькасці, але мы дакладна ведаем, што яны будуць выведзеныя з эксплуатацыі, бо іх рэсурс выпрацаваны — 40 гадоў службы або 4 тыс. гадзін у паветры.

Нягледзячы на ўзрост, знішчальнікі працягваюць выконваць свае задачы і застаюцца часткай сістэмы абароны польскай паветранай прасторы, дадаў палкоўнік Чубскі. Не выключана, што ў будучыні спраўныя самалёты МіГ-29 будуць перададзеныя Украіне.

Базу ў Мальбарку плануюць падрыхтаваць для новай ваеннай тэхнікі — ударных верталётаў Boeing AH-64E Apache Guardian.

Гэта вынік пагаднення, заключанага Польшчай са Злучанымі Штатамі ў 2024 годзе аб куплі 96 такіх машын. Аднак іх увод у эксплуатацыю будзе расцягнуты ў часе і патрабуе падрыхтоўкі новых пілотаў.

ВПС Польшчы эксплуатуюць знішчальнікі МіГ-29 з 1989 года.

Задачы, якія раней выконвалі МіГі, бяруць на сябе больш сучасныя самалёты, такія як F-16 і FA-50. У 2026 годзе чакаецца, што польскія ВПС атрымаюць свае першыя знішчальнікі пятага пакалення F-35.

вс