Польскі дзяржаўны нафтагазавы канцэрн Orlen пачаў здабычу прыроднага газу з новых свідравін у Люблінскім і Вялікапольскім ваяводствах. Дзякуючы гэтым інвестыцыям штогадовая здабыча павялічыцца прыкладна на 140 млн кубаметраў, што важна для энергетычнай бяспекі Польшчы.
Новыя праекты рэалізаваныя на радовішчах «Ястшэмбец» і «Сераслаў». Як адзначыў член праўлення Orlen Вяслаў Пругар, гэта «чарговы крок у рэалізацыі стратэгіі Orlen 2035», якая прадугледжвае сістэматычны рост уласнай здабычы газу.
Асабліва цікавым з’яўляецца выкарыстанне ў «Сераславе» мабільнай кантэйнернай устаноўкі. Яна дазваляе знізіць выдаткі і пасля завяршэння эксплуатацыі перанесці абсталяванне ў іншае месца, што робіць распрацоўку невялікіх радовішчаў больш эфектыўнай.
Радовішча «Ястшэмбец» будзе даваць каля 100 млн кубаметраў газу ў год, а «Сераслаў» — каля 40 млн. Абодва праекты разлічаныя на некалькі дзесяцігоддзяў эксплуатацыі.
Канцэрн Orlen плануе да 2030 года павялічыць агульную здабычу газу ў Польшчы да 4 млрд кубаметраў штогод, умацоўваючы энергетычную незалежнасць краіны.
pap/эж