Беларуская Служба

Наўроцкі хоча пазбавіць Зяленскага Ордэна Белага Арла пасля рашэння аб наданні адной з частак УСУ імя герояў УПА 

30.05.2026 10:03
Прэм’ер Туск назваў ідэю пазбавіць Зяленскага ўзнагароды памылковай, падкрэсліўшы, што гістарычныя спрэчкі не павінны разбураць польска-ўкраінскі саюз. 
Прэзідэнт Польшчы Караль НаўроцкіФота: PAP/Marcin Obara

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прапанаваў разгледзець пытанне аб пазбаўленні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы. Падставай стала рашэнне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага надаць адной з частак Сіл спецыяльных аперацый Украіны імя герояў УПА. Пытанне павінна разгледзець Капітула ордэна 8 чэрвеня.

— Я прапанаваў, каб адным з пунктаў пасяджэння Капітулы Ордэна Белага Арла было пазбаўленне прэзідэнта Зяленскага гэтай узнагароды. Падтрымка Украіны ў барацьбе з расійскай агрэсіяй застаецца стратэгічным інтарэсам Польшчы, але так не будуюцца адносіны паміж народамі, — заявіў Наўроцкі.

Украінскі прэзідэнт прысвоіў назву героі УПА Асобнаму цэнтру спецыяльных аперацый «Поўнач», патлумачыўшы гэта захаваннем гістарычных традыцый украінскага войска. Аднак у Польшчы УПА лічаць адказнай за масавыя забойствы польскага насельніцтва на Валыні падчас Другой сусветнай вайны.

Крытычна да рашэння Кіева паставіліся таксама польскія МЗС і Міністэрства ўнутраных спраў. 

У той жа час прэм’ер Дональд Туск назваў ідэю пазбавіць Зяленскага ўзнагароды памылковай, падкрэсліўшы, што гістарычныя спрэчкі не павінны разбураць польска-ўкраінскі саюз перад пагрозай з боку Расіі. 

Ордэн Белага Арла Зяленскі атрымаў у 2023 годзе ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды за ўклад у развіццё польска-ўкраінскіх адносін.

iar/pap/эж