Настаўнікі патрабуюць сістэмных рашэнняў адносна павышэння заработнай платы і выканання перадвыбарчых абяцанняў. Лідар ZNP Славамір Броняж падкрэслівае, што нядаўнія перамовы з Міністэрствам нацыянальнай адукацыі і членамі парламента ад кіруючай кааліцыі скончыліся поўным правалам, і што адукацыю больш нельга будаваць толькі на энтузіязме.
— Кіраўніцтва нашай арганізацыі прыняло рашэнне пра пратэст. Мы хочам нагадаць палітыкам, прэмʼеру, спытаць, як яны збіраюцца выконваць абяцанні, дадзеныя як падчас выбарчай кампаніі, так і ў наступныя гады.
Члены прафсаюза адзначаюць, што прэмʼер-міністр Дональд Туск абяцаў паскорыць працу над грамадзянскім законапраектам аб годнай заработнай плаце для настаўнікаў. Тым часам, па словах настаўнікаў, парламенцкая падкамісія ні разу не збіралася з красавіка мінулага года. Славамір Броняж папярэджвае, што калі ўрад не пяройдзе ад пустой рыторыкі да канкрэтных дзеянняў, жнівеньскія пратэсты стануць толькі пачаткам глыбокага крызісу.
— Дэманстрацыя 31 жніўня будзе выразным сігналам ураду, што спакойна ўжо было. Калі мы не пяройдзем ад рыторыкі да канкрэтных крокаў, то настаўніцкае асяроддзе гатовае да далейшых радыкальных дзеянняў, апісаных у законе «Аб вырашэнні калектыўных канфліктаў».
Прафсаюзныя дзеячы падкрэсліваюць, што дата дэманстрацыі невыпадковая. Акцыя мае на мэце данесці да ўрада складаную сітуацыю і нявызначанасць у пытанні кадраў, з якімі сутыкаюцца польскія школы на пачатку новага навучальнага года.
ав