Беларуская Служба

Чарговы беларус затрыманы ў Польшчы па падазрэнні ў працы на замежную разведку

02.07.2026 10:40
З лістапада па гэтай справе затрыманы таксама пяць іншых падазраваных — грамадзян Украіны і Беларусі.
   (.ABW)
Агенцтва ўнутранай бяспекі (поль.ABW)gov.pl

Агенцтва ўнутранай бяспекі(ABW) затрымала паляка і беларуса па падазрэнні ў вярбоўцы людзей для дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы. Гэта частка маштабнага расследавання дзейнасці на карысць замежнай разведкі ў Польшчы.

Затрыманні былі праведзены ў Варшаве ў канцы чэрвеня. Беларусу Аляксею Б. і паляку Рафалу Г. было прад'яўлена абвінавачанне ў працы на замежную разведку ў перыяд з 2024 па 2025 год.

У гэты час, пры дапамозе Telegram-канала яны вербавалі асоб розных нацыянальнасцей для правядзення дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы.

Такім асобам было даручана фатаграфаваць абʼекты крытычна важнай інфраструктуры і іншыя месцы, якія маюць вырашальнае значэнне для бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. За гэтае заданне ім плацілі ў крыптавалютах. Атрыманыя матэрыялы потым выкарыстоўваліся беларускімі ўладамі ў прапагандысцкіх мэтах.

Люблінскі суд арыштаваў 19-гадовага Аляксея Б. на тры месяцы. У 44-гадовага Рафала Г. канфіскавалі пашпарт, ён знаходзіцца пад наглядам паліцыі і мае забарону на выезд з Польшчы, паведаміў «TVP Info» прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Яцэк Дабжыньскі(Jacek Dobrzyński).

 Па даручэнні і за грошы беларускіх спецслужбаў яны, прынамсі з мінулай восені, наведвалі розныя мерапрыемствы, арганізаваныя беларускай меншасцю ў Варшаве, у тым ліку акцыі пратэсту і фестывалі. Яны фатаграфавалі ўдзельнікаў, здымалі відэа і адпраўлялі іх матэрыялы ў беларускія службы, а рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў гэтыя матэрыялы, у тым ліку ў прапагандысцкіх мэтах. 19-гадовы беларус, які легальна пражываў у Польшчы і працаваў афіцыянтам, паводле рашэння суда, наступныя тры месяцы правядзе пад вартай,  паведаміў Яцэк Дабжыньскі.

Паводле заявы Агенцтва ўнутранай бяспекі, замежныя службы спрабуюць выкарыстоўваць нават легальныя сацыяльныя і грамадзянскія мерапрыемствы для прасоўвання ўласных інтарэсаў.

 Мэта такіх дзеянняў  не толькі збор інфармацыі, але і аказанне ціску, запалохванне эміграцыйных груп і ўзмацненне прапагандысцкага паслання краін, варожых Польшчы,  чытаем у заяве ABW.

З лістапада па гэтай справе былі затрыманыя яшчэ пяць іншых падазраваных  грамадзян Украіны і Беларусі. Трое знаходзяцца пад вартай, адзін  у цэнтры для непаўналетніх. Апошні падазраваны памёр, і таму расследаванне супраць яго было спынена.

IAR/аз