Сейм Польшчы падтрымаў падаўжэнне часовага абмежавання права на падачу заявы аб прытулку на польска-беларускай мяжы. Новы тэрмін будзе дзейнічаць з 20 ліпеня яшчэ 60 дзён.
За адпаведную прапанову ўрада прагаласавалі 406 дэпутатаў, супраць былі 16, яшчэ пяцёра ўстрымаліся. Урад Польшчы заявіў, што прычыны для ўвядзення абмежаванняў не зніклі, бо Беларусь, паводле Варшавы, працягвае выкарыстоўваць міграцыю як інструмент ціску.
У абгрунтаванні адзначаецца, што мігранты рэгулярна атакуюць польскіх памежнікаў камянямі, бутэлькамі і іншымі прадметамі, а беларускія сілавыя структуры ўдзельнічаюць у гэтых дзеяннях і дапамагаюць арганізоўваць спробы незаконнага перасячэння мяжы з Польшчай.
З моманту ўвядзення абмежаванняў польскія ўлады не прынялі 484 заявы аб прытулку, аднак зрабілі выключэнні для 149 чалавек з уразлівых катэгорый.
pap/эж