Да праграмы ўмацавання ўсходняй мяжы Польшчы «Усходні шчыт» могуць неўзабаве далучыцца французскія і амерыканскія вайскоўцы. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Паводле яго, цяпер вядзецца вывучэнне мясцовасці перад магчымым прыцягненнем французскіх вайскоўцаў, а ў верасні аналагічная місія пройдзе з удзелам амерыканскіх салдат. Міністр адзначыў, што праект паступова становіцца агульнай ініцыятывай саюзнікаў па НАТА.
Ужо цяпер у рамках праграмы польскіх вайскоўцаў падтрымліваюць некалькі дзясяткаў інжынераў Бундэсвера. Іх місія мае часовы, навучальна-інжынерны і небаявы характар.
«Усходні шчыт» прадугледжвае будаўніцтва абарончых умацаванняў, сістэм выяўлення пагроз, лагістычнай інфраструктуры і сродкаў супрацьдзеяння беспілотнікам уздоўж каля 800-кіламетровай мяжы Польшчы з Беларуссю і Расіяй. Праект разглядаецца як адзін з ключавых элементаў умацавання ўсходняга флангу НАТА.
эж