Новая ўпаўнаважаная па правах чалавека Польшчы Сыльвія Гжэгорчык-Абрам афіцыйна ўступіць на пасаду 29 ліпеня пасля прынясення прысягі ў Сейме. Сярод галоўных прыярытэтаў сваёй працы яна назвала аднаўленне даверу да сістэмы правасуддзя, абарону правоў сталых людзей, людзей з інваліднасцю і падтрымку моладзі.
— Я поўная рашучасці змагацца за правы і свабоды грамадзян усімі магчымымі спосабамі. Калі буду сутыкацца з перашкодамі, абавязкова буду гаварыць пра гэта публічна, каб павысіць грамадскі кошт такіх дзеянняў. Грамадзяне павінны ведаць, што ўпаўнаважаная па правах чалавека будзе адстойваць іх інтарэсы, у тым ліку ў судах і абараняць іх ад дзеянняў палітыкаў, — заявіла Гжэгорчык-Абрам.
Сыльвія Гжэгорчык-Абрам зменіць на гэтай пасадзе прафесара Марціна Вёнцэка, тэрмін паўнамоцтваў якога скончыўся. Амбудсмэн у Польшчы кантралюе выкананне правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і законамі краіны, а таксама можа абараняць інтарэсы замежнікаў, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Польшчы.
iar/эж