Польшча разлічвае ўжо ў снежні заключыць першыя кантракты на пастаўку ўзбраенняў В’етнаму. Перамовы праходзяць падчас візіту прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска ў гэтую краіну.
Намеснік міністра дзяржаўных актываў Польшчы Конрад Галота, які ўваходзіць ва ўрадавую дэлегацыю, назваў магчымымі пастаўкі бронетранспарцёраў Rosomak, самаходных гаўбіц Krab, боепрыпасаў, радараў і сістэм берагавой абароны.
— У снежні мы хочам прадставіць канкрэтныя кантракты, — заявіў чыноўнік.
Перамовы працягваюцца ўжо два гады. Разглядаецца таксама перадача тэхналогій, арганізацыя вытворчасці і мадэрнізацыя ваеннай тэхнікі.
— Прысутнасць расійскай прамысловасці тут даволі значная. Аднак праз санкцыі В’етнам шукае магчымасці дыверсіфікацыі, — растлумачыў Галота.
Гістарычна в’етнамская армія шырока выкарыстоўвае савецкае і расійскае ўзбраенне. Польшча прапануе ўласны досвед яго мадэрнізацыі, аднак сутыкаецца з канкурэнцыяй ізраільскіх, французскіх і амерыканскіх вытворцаў.
Кошт будучых пагадненняў пакуль невядомы. Чакаецца, што першыя кантракты могуць падпісаць у снежні падчас абароннай выставы ў В’етнаме.
pap/эж