Польшча займае трэцяе месца ў свеце па экспарце мэблі, саступаючы толькі Кітаю і Германіі. Найбуйнейшым пакупніком польскай прадукцыі застаецца Германія, куды пастаўляецца траціна экспарту.
Як паведамляе Польскае агенцтва друку са спасылкай на даследаванне банка PKO BP, доля Польшчы ў сусветным экспарце мэблі складае 6%. Летась польскія вытворцы прадалі за мяжу мэблі больш чым на 16,8 млрд еўра. Пры гэтым Кітай кантралюе амаль 38% сусветнага рынку.
Сярод іншых важных пакупнікоў польскай мэблі — Чэхія, Нідэрланды і Францыя. Значную частку прадукцыі таксама набываюць спажыўцы ў іншых еўрапейскіх краінах.
Аналітыкі чакаюць паступовага аднаўлення ўнутранага рынку пасля некалькіх гадоў падзення продажаў. Адначасова расце значэнне інтэрнэт-гандлю, хоць яго доля ў Польшчы пакуль ніжэйшая за сярэднесусветную.
Эксперты адзначаюць, што польская мэблевая прамысловасць захоўвае моцныя пазіцыі дзякуючы добра развітай вытворчасці і доступу да еўрапейскіх рынкаў.
pap/эж