Беларуская Служба

Польскія леснікі пачынаюць акцыю „Ялінка”

07.12.2019 16:04
З сённяшняга дня да Калядаў яны будуць патруляваць лясы, каб прадухіліць крадзеж гэтых дрэў.
.    .
Ялінка. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixel2013 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія леснікі пачынаюць акцыю „Ялінка”. З сённяшняга дня да Калядаў яны будуць патруляваць лясы, каб прадухіліць крадзеж гэтых дрэў. Леснікоў будуць падтрымліваць паліцыянты, функцыянеры муніцыпальнай паліцыі і аўтаінспектары.

Прэс-сакратар прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” Анна Маліноўская (Anna Malinowska) кажа, што за апошнія гады крадзяжы елак сустракаюцца вельмі рэдка.

- Жывыя елкі шырока даступныя і іх можна легальна купіць, таму мала хто вырашае іх красці. Паводле леташніх дадзеных, у мінулым годзе мы зафіксавалі толькі 12 гэткіх выпадкаў.

Для параўнання, 10 гадоў таму падчас акцыі „Ялінка” леснікі зафіксавалі каля 4,5 тысячы выпадкаў крадзяжу елак.

Прэс-сакратар прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” дадае, што ў рамках акцыі „Ялінка” праводзяцца таксама мерапрыемствы па прадухіленні крадзяжу драўніны.

Падчас інспекцый у 2018 годзе леснікі выявілі больш за 100 такіх выпадкаў, знойдзены больш за 140 паляўнічых пастак і зарэгістраваныя 6 выпадкаў браканьерства. Агулам штрафы склалі каля 50 тысяч злотых.

Леснікі нагадваюць, што за крадзеж елкі з лесу пагражае штраф у памеры 500 злотых.

аз