«Польская нафтагазавая кампанія» (PGNiG) і «Украінскія энергетычныя рэсурсы» (ERU) падпісалі дамову аб супрацоўніцтве ў галіне разведкі і здабычы вуглевадародаў.
На цырымоніі падпісання дакументаў прысутнічаў кіраўнік Кабінета прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі, які адзначыў, што дзякуючы дадзенай дамове Польшча становіцца актыўным гульцом на газавым рынку ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Шчэрскі ў прыватнасці заявіў, што цягам апошніх некалькіх гадоў Польшча здабыла сабе энергетычную бяспеку, а зара ў стане нават быць донарам энергетычнай бяспекі для іншых дзяржаў.
У сваю чаргу, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач адзначыў, што падпісанне пагаднення паміж польскім і ўкраінскім канцэрнамі стала магчымым дзякуючы паляпшэнню польска-ўкраінскіх адносінаў.
Паводле падпісанага пагаднення, «Польская нафтагазавая кампанія» і «Украінскія энергетычныя рэсурсы» будуць супрацоўнічаць у галіне разведкі і здабычы вуглевадародаў у заходняй частцы Украіны, на мяжы з Польшчай.
паводле energetyka24.com/эж