Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі (Łukasz Szumowski) заявіў, што ўпершыню ў гісторыі краіны распрацавана «Нацыянальная анкалагічная стратэгія». Урад Польшчы зацвердзіў Стратэгію напярэдадні Сусветнага дня хворага, які адзначаецца 11 лютага.
Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі нагадаў, што «Нацыянальная анкалагічная стратэгія» была прынятая па ініцыятыве прэзідэнта Польшчы:
-Прэзідэнт папанаваў закон, каб міністр аховы здароўя разам з экспертамі, распрацаваў вельмі канкрэтную анкалагічную стратэгію на 10 гадоў. Гэта адбылося. 4 лютага Саўмін зацвердзіў дакумент. Сёння з прэзідэнтам мы абгаворваем усе практычныя аспекты стратэгіі. Як яна паўплывае на пацыентаў, бо гэта самае галоўнае.
Паводле «Анкалагічнай стратэгіі», з 2021 па 2023 года дзяржаўныя выдаткі на барацьбу з анкалагічнымі захворваннямі павялічацца да 450 млн злотых (прыкладна 105 млн еўра), а ў перыяд з 2024 па 2030 – да 500 млн злотых (117 млн еўра).
На дадзены момант у Польшчы жыве прыкладна 1 мільён чалавек, у якіх выяўленыя анкалагічныя захворванні. Падлічана, што цягам бліжэйшых 10 гадоў колькасць хворых на рак павялічыцца прыкладна на адну траціну.
IAR/эж