Беларуская Служба

Нацбанк Польшчы чакае росту ВУП на ўзроўні 3,2%

09.03.2020 15:14
Паводле прагнозу, інфляцыя вырасце з 2,3% у 2019 годзе да 3,7% у бягучым.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Эксперты Нацыянальнага банку Польшчы спадзяюцца, што ў гэтым годзе гаспадарчы рост у Польшчы складзе 3,2%, у мінулым годзе гэта былі 4%. У сваю чаргу сярэдне гадавая інфляцыя складзе 3,7%, у 2019 годзе – 2,3%. Так вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам Польшчы рапарту аб інфляцыі і гаспадарчым росце.

Аўтары дакументу звяртаюць увагу, што гаспадарчае запаволенне ў Польшчы вынікае галоўным чынам з больш павольнага развіцця сусветнай гаспадаркі. Яцэк Катлоўскі з НБП падкрэслівае, што на слабейшы рост паўплывае каронавірус. Эксперт дадае, што ў гэтым годзе інфляцыя будзе вышэйшая, між іншым, па прычыне росту рэгуляваных цэн:

- Перш за ўсё гэта высокі рост цэн за вываз смецця, вышэйшы ад чаканага рост мыта на алкаголь і тытунь. Да гэтага даходзіць рост цэн на мяса ў сувязі з эпідэміяй афрыканскай чумы ў Кітаі, цэны садавіны і агародніны – гэта наступствы леташняй засухі. Таксама рост цэн на энергію.

У наступныя гады інфляцыя павінна ўпасці да 2,7% у 2021 годзе і 2,4% у 2022.

Рапарт пра інфляцыю і гаспадарчы рост Нацбанку Польшчы з'яўляецца адным з самых важных дакументаў, якія бяруцца пад увагу Радай грашовай палітыкі падчас прыняцця рашэння аб працэнтных стаўках у Польшчы.

ав