Беларуская Служба

Сейм Польшчы прагаласаваў за «Антыкрызісны шчыт 4.0»

05.06.2020 12:26
Гэта чарговая частка ўрадавага пакета падтрымкі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.
Сейм ПольшчыPAP/Mateusz Marek

Сейм Польшчы прыняў чарговую частку ўрадавага пакета падтрымкі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. За прыняцце законапраекта прагаласавалі 228 дэпутатаў, супраць выступілі 189, а 38 устрымаліся.

«Антыкрызісны шчыт 4.0» прадугледжвае, сярод іншага, надбаўкі да працэнтных ставак па крэдытах для кампаній, якія знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Урад выдзеліць на гэта больш як 560 млн злотых (126 млн еўра).

«Антыкрызісны шчыт 4.0» таксама спросціць працэдуру рэалізацыі дзяржаўных заказаў, зробіць больш даступнымі крэдытныя вакацыі або пакет падтрымкі органаў мясцовага самакіравання. Сярод палажэнняў «Антыкрызіснага шчыта 4.0» значыцца таксама забарона на продаж фірмаў замежным юрыдычным або фізічным асобам.

Прадпрымальнікі, у якіх выраслі зарплаты, змогуць іх знізіць напалову або скараціць працоўны час на 20% тэрмінам на 12 месяцаў пасля заканчэння эпідэміі.

Цяпер законам зоймецца Сенат.

ав