Беларуская Служба

Рафал Тшаскоўскі сабраў 130 тысяч подпісаў

07.06.2020 15:09
Дзеля таго, каб зарэгістраваць кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, неабходна сабраць 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Польшчы.
.
Р. Тшаскоўскі PAP/Łukasz Gągulski

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі паведаміў, што яго каманда сабрала 130 тысяч подпісаў за яго кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Кандыдат «Грамадзянскай кааліцыі» у нядзелю, 7 чэрвеня праводзіў перадвыбарчую агітацыю ў горадзе Тарнув на поўдні Польшчы.

Дзеля таго, каб зарэгістраваць кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, неабходна сабраць 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Польшчы. Нагадаем, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі ў ролі кандыдата ад «Грамадзянскай кааліцыі» замяніў намесніцу старшыні Сейма Малгажату Кідаву-Блоньску.

Падчас агітацыі ў Тарнаве Рафал Тшаскоўскі асаблівую ўвагу надзяліў адукацыі, кандыдат апазіцыі перакананы, што мясцовыя ўлады не павінны несці ўсе выдаткі чарговых рэформаў адукацыі:

-Цягам астатніх пяці гадоў мясцовае самакіраванне павінна было дакласці на рэформу адукацыі прыкладна 4 млрд еўра. На плечы мясцовых уладаў спіхваецца ўсё больш выдаткаў на адукацыю, а ўрадавыя субвенцыі не паспяваюць за імі. Нават павышэнне заробкаў настаўнікаў, якое абяцае ўрад, павінны забяспечыць мясцовыя ўлады. Так быць не можа!

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 28 чэрвеня.

IAR/эж