Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: Калі атрымаю польскі пашпарт, усё роўна застануся беларусам

17.01.2026 12:04
Вяртанне дадому для яго немагчымае, але нават імкнучыся да польскага грамадзянства, ён кажа, што застанецца беларусам.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: Калі атрымаю польскі пашпарт, усё роўна застануся беларусам
   ()
Варта ў Познані (ілюстрацыя)Фота: Павел Залескі/https://www.polskieradio.pl/396

У эміграцыі ён пачынаў з працы на складзе, змяняў жыллё, прайшоў праз складаную легалізацыю. Вяртанне дадому для яго немагчымае, але нават імкнучыся да польскага грамадзянства, ён кажа, што застанецца беларусам.

Там не было ніякіх перспектыў

У Польшчы Раман ужо амаль пяць гадоў. Прыехаў пасля пратэстаў 2020 года. У Беларусі скончыў ветэрынарную акадэмію, працаваў заатэхнікам у розных гаспадарках, прычым у розных абласцях.

— Але праз палітыку «крэпкага хазяйсвенніка» Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі я папросту з’ехаў адтуль, бо там не было ніякіх перспектыў наогул. У гэтай сельскай гаспадарцы з яго луканомікай было так: ты прыходзіш працаваць, маючы вышэйшую адукацыю, хлопец з горада, а мясцовыя «сяляне» табе кажуць, што ты прыйшоў, адпрацаваў і пайшоў, а нам тут жыць. З такім падыходам я зразумеў, што не магу працаваць — нават у розных раёнах і абласцях, бо паўсюль было тое самае стаўленне. Нічога не змянілася ад пачатку 90-х гадоў.

Тады было страшна

Нейкі час Раман жыў у горадзе і неяк задумліва заўважае, што гэта працягвалася да выбараў — маўляў, пакуль у нас іх не скралі.

— Тады было так страшна, усё адбывалася на маіх вачах. Пяць гадоў мінула, а я памятаю, нібыта гэта было ўчора. Таму я катэгарычна супраць гэтага рэжыму. А ў 22-м годзе яшчэ распачалася вайна. Я прачнуўся, пачаў піць каву перад працай, чытаю навіны… і ў мяне валасы дыбам устаюць — якая вайна, мы жывём у ХХІ стагоддзі? Я тады напісаў шмат каментароў у інтэрнэце…

Цяжка было — і не скажу, што зараз лёгка

Хлопец трохі расхваляваўся, згадваючы тыя падзеі. Кажа, што ўсё гэта не выходзіць з галавы, і ўвесь час пра гэта думаеш. Я цікаўлюся, як ён пачынаў сваё жыццё ў эміграцыі. А ён, не задумваючыся, адразу адказвае.

— Я прыехаў сюды, як многія беларусы, з вышэйшай адукацыяй, але пайшоў папросту працаваць на склад, бо па спецыяльнасці нідзе не мог уладкавацца. Я спрабаваў, але гэта было вельмі складана, бо, па-першае, недасканала валодаў мовай, а па-другое, мая спецыяльнасць даволі вузкая — я магу працаваць толькі ў вёсцы з жывёлай. І я падумаў, што ў мяне няма выйсця, бо дахаты вярнуцца не магу і не магу проста сесці і ў некага патрабаваць грошы. Я ўстаў і пайшоў працаваць туды, дзе была праца.

— І як было на новай працы, асабліва першы час?

— Цяжка было, бо незнаёмыя людзі, чужая краіна, незнаёмае ўсё. Тады яшчэ не было вайны, і палякі імкнуліся дапамагаць — падпраўлялі маю мову, падказвалі. Было цяжка, і я не скажу, што стала лёгка. Але я не магу апусціць рукі і сказаць, што не буду гэта рабіць.

Працаваць даводзіцца не там, дзе хочацца, а там, дзе ёсць праца

Суразмоўца распавядае, што неаднойчы змяняў працу, але ў той жа час заўважае, што эмігранту не так проста зарабіць вялікія грошы ў Польшчы. Яму давялося змяняць не толькі працу: ён пачынаў з жыцця ў інтэрнацкім пакоі на двух чалавек, потым здымаў асобны пакой у кватэры.

Зараз здымае асобную кватэру. Кажа, што гэта не танна, але камфортна. Працуе па зменах і заўважае, што, на жаль, працаваць даводзіцца не там, дзе хочацца, а там, дзе ёсць праца.

— Я да ўсяго прывыкаю ў эміграцыі, і ў мяне не скончыўся перыяд адаптацыі. Ды ён і не скончыцца, бо нават калі я атрымаю польскі пашпарт, а я да гэтага імкнуся, усё роўна застануся беларусам, як бы там ні было. А эміграцыя — гэта вельмі цяжка. І палякі, якія ездзяць на заробкі ў свет, гэта разумеюць, а большасць людзей, якія жывуць толькі ў Польшчы, далёкія ад гэтага. Ім здаецца, што эмігранты прыехалі сюды за «доўгім злотым». Але я прыехаў жыць на стала, бо больш няма куды ехаць.

Для мяне важна, каб чалавек быў добры

Раману крыўдна, калі палякі часта не падзяляюць беларусаў на тых, хто падтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым, і на тых, хто з ім змагаецца. Маўляў, даводзіцца сустракаць і такое стаўленне.

— Я кантактую з рознымі людзьмі. Працую з украінцамі, беларусамі і палякамі. І для мяне няма такой вялікай розніцы, якой нацыянальнасці чалавек. Самае галоўнае — каб гэта быў добры чалавек. Бо, на жаль, сустракаюцца дрэнныя і беларусы, і ўкраінцы, і палякі…

Па родных смуткую

— А што самае складанае для цябе ў эміграцыі?

— Самае складанае, мабыць, — гэта легалізацыя. Бо складаеш дакументы, а потым даводзіцца нешта даносіць, дапісваць, перарабляць — бюракратыя вымагае. А яшчэ самае цяжкае — тое, што я не магу сесці ў аўтобус і паехаць дадому, да сваіх родных. Бо калі я туды паеду, то змагу вярнуцца, можа, праз гадоў пятнаццаць, а можа, і не. Там жа могуць забіць і за мову, і за тое, што ты папросту «беглы».

Раман трохі сур’ёзна ўсміхнуўся і дадаў, што па родных насамрэч смуткуе.

Павел ЗАЛЕСКІ