Лідар кіруючай польскай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і Справядлівасці», віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі, якога называюць «чалавекам нумар адзін у Польшчы», заклікаў членаў і прыхільнікаў партыі абараняць Каталіцкі касцёл і храмы. Паводле яго, у апошні час яны падвяргаюцца нападзенням і апаганьваюцца з боку «радыкальных дэманстрантаў». У заяве, апублікаванай у сетцы Facebook, Качыньскі папярэдзіў, што напады на каталіцкія храмы, якія носяць «характар добра спланаваных дзеянняў», маюць на мэце «знішчыць Польшчу, польскую традыцыю і культуру».
Шматлікія аглядальнікі і каментатары ўспрынялі словы Качыньскага як заклік да вайны на ідэалагічным фоне.
У Польшчы працягваюцца масавыя пратэсты ў сувязі з рашэннем Кастытуцыйнага суда. Суд, які знаходзіцца пад уплывам «Права і справядлівасці», у аўторак тыдзень таму прыняў пастанову адносна абортаў. Суд прызнаў, што перарыванне цяжарнасці з-за паталогіі плода пярэчыць Канстытуцыі.
Згаданую пастанову падтрымлівае Каталіцкі касцёл і палітычныя партыі правага толка.
Супраць пастановы выступае пераважная большасць жанчын, якія выйшлі з пратэстамі на вуліцы гарадоў і населеных пунктаў. Здараліся выпадкі ўварвання пратэстоўцаў у касцёлы з плакатамі і лозунгамі, а таксама нанясення пратэстных графіці на будынкі храмаў. Пратэстуючыя жанчыны лічаць, што кіруючая партыя абʼявіла ім вайну.
вс
на фота: прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі (злева) і старшыня «Права і Справядлівасці», віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі (справа)