Гатэлі і лыжныя горкі застануцца закрытымі пасля калядных святаў – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Польскі ўрад баіцца надыходу трэцяй хвалі пандэміі COVID-19 у студзені і лютым, таму ўлады схіляюцца да больш жорсткіх мераў. Колькасць новых інфекцыяў, праўда, зменшылася, але далей утрымліваецца на адносна высокім узроўні і перастала падаць.
Гатэлямі ў Польшчы можна карыстацца выключна ў дзелавой паездцы. Палякі – вельмі крэатыўны народ, і знаходзяць спосаб абысці гэтае абмежаванне. Некаторыя госці прыязджаюць на адпачынак пад выглядам камандзіроўкі.
Ва ўрадзе перамагае погляд прыхільнікаў жорсткіх эпідэміялагічных мераў. Да гэтага імкнецца міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі. Іншыя члены ўраду баяцца адмоўных наступстваў для эканомікі. У сваю чаргу для прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага прыярытэтам з’яўляецца здароўе жыхароў, таму опцыя жорсткіх мераў здаецца рэальнай. Акрамя таго, польскія ўлады назіраюць за тым, што адбываецца ў суседніх дзяржавах, а там – лакдауны ў Германіі ды Літве.
У сераду пачала працаваць тэлефонная даведка, па якой можна развеяць свае сумненні, якія датычаць вакцынацыі ад каранавіруса. Аднак кансультанты, якія адказваюць на пытанні, кажуць, што яны самі дакладна не ведаюць, калі пачнецца вакцынацыя і як працэс будзе выглядаць. Рознагалоссі датычаць цяжарных жанчын. Адзін кансультант сказаў, што яны могуць прывіцца, а іншы адзначыў, што вытворца прышчэпкі рэкамендуе гэта не рабіць цяжарным.
нг