Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала Януша Н., якога падазраюць у дзейнасці на карысць Расійскай Федэрацыі. Мужчыну абвінавачваюць у шпіянажы.
Прэс-сакратар міністра каардынатара спецслужбаў Станіслаў Ларын заявіў, што па загадзе людзей, звязаных з расійскімі спецслужбамі, Януш Н. звязваўся з польскімі і замежнымі палітыкамі, у тым ліку тымі, хто працаваў у Еўрапейскім парламенце, і натхняў на дзеянні супраць інтарэсаў Польшчы:
-Гэта аперацыі, якія ўпісваліся ў дэзынфармацыйную дзейнасць супраць Польшчы і на карысць РФ. Сабраны матэрыял пацвярджае, што Януш Н. павінен адказаць за супрацу з расійскімі спецслужбамі.
Польскія службы правялі ператрус па месцах пражывання Януша Н. і ў офісах, звязаных з ім арганізацый. Былі забяспечаны больш за 300 тысяч злотых і вялікая колькасць носьбітаў дадзеных.
Гады таму Януш Н. быў звязаны з партыяй «Zmiana», вядомай сваёй прарасійскай дзейнасцю. Ён таксама быў адным з паплечнікаў Матэвуша Піскорскага, якога ў 2018 годзе абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Расіі і Кітая.
Суд пастанавіў змясціць Януша Н. пад варту на тры месяцы. За свае дзеянні мужчыне пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.
ав