Беларуская Служба

Палякі святкуюць Дзень Войска Польскага

15.08.2021 15:03
Дзень Войска Польскага адзначаецца ў гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года, якую называюць таксама «Цудам на Вісле».
Дзень Войска Польскага PAP/Leszek Szymański

Урачыстыя прамовы, ваенныя парады і пікнікі, выставы і кінапрагляды. Ва ўсім гэтым можна будзе паўдзельнічаць у рамках святкавання Дня Войска Польскага. Традыцыйна галоўныя ўрачыстасці ў Варшаве пачаліся святой імшой за Айчыну, у якой удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўных і вайсковых уладаў краіны на чале з прэзідэнтам Польшчы. Да поўдня Анджэй Дуда ўручыў дзевяці афіцэрам генеральскія пагоны.

Кульмінацыяй урачыстасцяў у сталіцы была цырымонія ля Магілы невядомага жаўнера на плошчы Пілсудскага, пасля якой падраздзяленні прайшлі да Музея Войска Польскага на ваенны пікнік. Падобнае мерапрыемства Мінабароны арганізавала на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве.

Усе пікнікі спалучае адзін лозунг: «Стань польскім жаўнерам», нагадаў кіраўнік міністэрства абароны Марыюш Блашчак(Mariusz Błaszczak):

- Гэта нашая грамадская кампанія, у рамках якой мы заахвочваем усіх, хто пакуль не вырашыў пра сваю будучыню, уступіць у армію, паколькі сапраўды варта.

Такіх пікнікоў па ўсёй краіне будзе зладжаных 30. Нагадваем, Дзень Войска Польскага адзначаецца ў гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года, якую называюць таксама «Цудам на Вісле». Паводле гісторыкаў – гэта была адна з 18 бітваў, якія аказалі вырашальны ўплыў на лёс свету. Перамога дала Польшчы магчымасць захаваць сваю незалежнасць і выратаваць Еўропу ад бальшавізму.

IAR/аз