Беларуская Служба

Апытанне: 64 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць ідэю нямецкіх рэпарацыі за Другую сусветную вайну

16.07.2022 11:04
Ідэю выплаты Польшчы рэпарацый падтрымлівае 91 працэнт выбаршчыкаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».
     , 1939
Знішчаны немцамі Каралеўскі замак ў Варшаве, 1939 годNarodowe Archiwum Cyfrowe

64 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць ідэю, каб Польшча афіцыйна запатрабавала ў Германіі выплаты ваенных рэпарацый. 16 працэнтаў – супраць таго, каб зараз уздымаць гэтае пытанне. Пра гэта сведчаць вынікі апошняга даследавання, праведзенага сацыялагічнай майстэрняй Social Changes па замове партала wPolityce.pl.
На пытанне «Ці паводле Вас, Германія павінна выплаціць Польшчы ваенныя рэпарацыі, гэта значыць кампенсацыю за шкоду і злачынствы, здзейсненыя падчас Другой сусветнай вайны?» – 39 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі – «адназначна так», а 25 працэнтаў – «хутчэй так». У параўнанні з аналагічным апытаннем, праведзеным у лістападзе мінулага года, гэта на 6 працэнтных пунктаў больш.

У сваю чаргу 5 працэнтаў рэспандэнтаў выбралі адказ – «рашуча не», а «хутчэй за ўсё не» выбралі 11 працэнтаў апытаных. Гэта азначае, што ў параўнанні з папярэднім апытаннем колькасць праціўнікаў уздыму гэтага пытання ў польска-нямецкіх адносінах зменшылася – раней іх было на 8 працэнтных пунктаў больш.

Пры гэтым 20 працэнтаў рэспандэнтаў выбралі адказ «цяжка сказаць» – раней такіх было 18 працэнтаў.

Ідэю выплаты Польшчы рэпарацый падтрымлівае 91 працэнт выбаршчыкаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», 34 працэнты выбаршчыкаў апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» і 53 працэнты выбаршчыкаў апазіцыйнай «Польшчы 2050».

PAP/аз