Сёлета Камітэт дапамогі музеям Украіны накіраваў дзесяць транспартаў з 80 тонамі дапамогі амаль у 90 украінскіх музеяў, паведаміў агенцтву PAP намеснік дырэктара Музею Варшаўскага паўстання Павал Укельскі.
Камітэт быў створаны на пачатку сакавіка па ініцыятыве Музея Варшаўскага паўстання.
«Невыпадкова, што ён быў створаны ў Польшчы і што менавіта палякі першымі задумаліся пра гэты аспект вайны, якім з'яўляецца абарона культурных каштоўнасцяў і спадчыны. У Музеі Варшаўскага паўстання ўсяго праз некалькі дзён пасля пачатку вайны мы зразумелі, што вопыт таго, што здарылася з польскімі культурнымі каштоўнасцямі і нацыянальнай спадчынай падчас акупацыі і Варшаўскага паўстання, можа быць карысным для падтрымкі ўкраінцаў у захаванні іх культурнай спадчыны», – падкрэсліў у інтэрвʼю PAP Павал Укельскі.
Ён дадаў, што польскі вопыт дакументавання страт, забеспячэння і хавання культурных каштоўнасцяў аказаўся вельмі каштоўным для ўкраінскага боку. «Але мы ўсё ж спадзяемся, што страты Украіны будуць не такімі вялікімі, як страты Польшчы», – падкрэсліў ён.
Дапамога, арганізаваная Камітэтам дапамогі музеям Украіны, сёлета ахапіла амаль 90 устаноў. Камітэт даставіў восемдзесят тон спецыяльнага абсталявання, неабходнага для аховы музейных калекцый, у дзесяці транспартах. Агулам з Польшчы выехала 155 паддонаў.
Акрамя таго, Камітэт сабраў 140 тысяч злотых. За іх было набыта электроннае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў працэсе алічбоўкі і дакументавання музейных калекцый.
ав