Беларуская Служба

Прагноз: Да 2060 г. колькасць насельніцтва Польшчы будзе скарачацца

30.01.2024 16:25
Зусім іншая сітуацыя чакае, напрыклад, Вялікабрытанію.
ГрамадстваShutterstock.com/BeautifulBlossoms

Галоўнае статыстычнае ўпраўленне прагназуе, што да 2060 года насельніцтва Польшчы зменшыцца на 12,7% – палякаў стане меней на 4 млн. 800 тыс. жыхароў.

На сённяшні дзень Польшча налічвае прыкладна 37 мільёнаў 700 тысяч чалавек. У 2060 годзе лічба стане меншай за 33 мільёны жыхароў. Будзе працягвацца працэс старэння грамадства.

Колькасць людзей старэйшых за 65 гадоў у Польшчы павялічыцца на траціну, а колькасць людзей старэйшых за 80 гадоў – падвоіцца. Па гэтай прычыне чакаецца адмоўны натуральны рост, то бок колькасць памерлых будзе перавышаць колькасць народжаных. Польшчу чакае дэпапуляцыя – у 2060 годзе натуральны рост колькасці насельніцтва складзе мінус 233 800 – папярэджвае Галоўнае статыстычнае ўпраўленне.

Зусім іншыя прагнозы, напрыклад, для Вялікабрытаніі.

Нацыянальнае статыстычнае ўпраўленне Вялікабрытаніі апублікавала прагноз росту насельніцтва краіны на бліжэйшыя 15 гадоў.

Мяркуецца, што ў Вялікабрытаніі нараджальнасць дакладна перавысіць колькасць смерцяў і складзе больш за 540 тысяч.
Агульная колькасць насельніцтва з улікам прыбылых мігрантаў павялічыцца на больш чым 6 мільёнаў чалавек. Насельніцтва Вялікабрытаніі ў цяперашні час налічвае 67 мільёнаў чалавек.

яс