Аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі Польшчы генерал Мацей Кліш (Maciej Klisz) кажа, што наперадзе чарговыя маштабныя атакі Расіі на Украіну. Яны прывядуць яшчэ не раз да ўзняцця польскай і саюзнай авіяцыі над тэрыторыяй Польшчы.
Генерал Мацей Кліш заявіў у эфіры Польскага радыё 24, што гэта звязана з тым, што Расія выкарыстоўвае зброю далёкага дзеяння.
- Прагнозы не прыносяць аптымізму, сітуацыя ва Украіне, асабліва ў паветраных баях, не палепшыцца ў бліжэйшым часе. Яшчэ не раз нас разбудзяць паведамленні камандавання, што зноў ідзе ракетная атака на Украіну. І што ў польскую паветраную прастору падымаюцца паветраныя судны – як нашы, так і міжнародныя. Такіх выпадкаў будзе больш, да таго часу, пакуль расіяне не перастануць атакаваць Украіну балістычнымі ракетамі або БПЛА вялікага радыусу дзеяння.
Апошняе паведамленне Аператыўнага камандавання пра актывізацыю польскай і натаўскай авіяцыі над Польшчай з'явілася пазаўчора пасля расійскай атакі на Кіеў і Львоў.
IAR/нг