Беларуская Служба

Польскі эксперт пра Навальнага: Ён не павінен быў выйсці з турмы жывым

17.02.2024 13:13
На ягоную думку, еўрапейцы не разумеюць, наколькі жорсткая сістэма ў Расіі.
     .
Мемарыял памяці Аляксея Навальнага ў Японіі.Фота: PAP/EPA/FRANCK ROBICHON

Эксперт па пытаннях бяспекі кандыдат навук Мацей Мільчаноўскі лічыць, што толькі маштабныя змены ў Крамлі маглі выратаваць жыццё Аляксею Навальнаму. Учора расійская служба выканання пакаранняў (ФСИН) паведаміла пра смерць апазіцыянера ў калоніі.

Мацей Мільчаноўскі ў эфіры Польскага радыё 24 заявіў, што з таго моманту, калі Навальны трапіў у турму, у яго было «песімістычнае бачанне» лёсу палітыка. На думку эксперта, выратаваць Аляксея Навальнага магла толькі змена ўсяго расійскага кіраўніцтва. «Таму што ён не павінен быў выйсці з гэтай турмы жывым», – сказаў госць PR24.

Мацей Мільчаноўскі падкрэсліў, што многія еўрапейцы не разумеюць, наколькі рэпрэсіўная і жорсткая расійская пенітэнцыярная сістэма.

- На маю думку, у Польшчы ды Еўропе не разумеюць, наколькі страшная сітуацыя ў расійскіх турмах. Вельмі часта я чую, навошта расіяне ідуць на фронт, маўляў, адсядзяць два гады ў турме, тады не згінуць на вайне. Людзі не разумеюць, што расійскую калонію нельга параўноўваць ні з чым у Еўропе. Там з людзьмі абыходзяцца горш, чым з жывёлай, і гэта мякка сказана. Тое, што там адбываецца, – гэта проста сістэматычнае знішчэнне людзей.

Інфармацыі з незалежных крыніц пра смерць Аляксея Навальнага пакуль няма. Сям'я апазіцыянера і яго паплечнікі заявілі, што, незалежна ад заключэння медычнай экспертызы аб прычынах смерці, гэта было палітычна матываванае забойства.

IAR/нг