Сувальская раённая пракуратура расследуе абставіны гібелі некалькіх дзясяткаў чалавек на мяжы з Беларуссю. Гаворка ідзе пра нелегальных мігрантаў. Некаторыя справы ўжо спынены, паколькі эксперты ўстанавілі, што прычынай смерці стала вострая недастатковасць кровазвароту і дыхання ў выніку пераахаладжэння, паведаміў прэс-сакратар пракуратуры ў Сувалках Войцех Піктэль (Wojciech Piktel).
Калі пачаўся міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю, увосень 2021 года, абласная пракуратура ў Беластоку вырашыла, што справы аб гібелі мігрантаў будуць аб'яднаныя і перададзеныя ў раённую пракуратуру ў Сувалках. Зараз там вядуцца два асноўныя расследаванні. Агулам справы тычацца смерцяў 27 чалавек, целы якіх былі выяўленыя каля ўсходняй мяжы з восені 2021 года. У большасці выпадкаў на падставе сабраных доказаў высветлілася адсутнасць складу злачынства.
У Сувальскай пракуратуры вядзецца чарговае расследаванне, звязанае з нелегальнай міграцыяй на беларуска-польскай мяжы. Гаворка ідзе пра абставіны гібелі грамадзяніна Эфіопіі, чыё цела было знойдзена ў лютым 2023 года пад Гайнаўкай. «У гэтай тэме разглядаецца аспект магчымага злоўжывання некаторымі асобамі сваімі службовымі паўнамоцтвамі або невыканання службовых абавязкаў, таму яна вядзецца асобна», – дадаў пракурор Піктэль.
Ён адзначыў, што нікому не было прадʼяўленае абвінавачанне.
З пачатку гэтага года на Падляшшы знайшлі цела аднаго мігранта ў сярэдзіне сакавіка. Паводле знойдзеных пры ім дакументаў, гэта 32-гадовы пакістанец. Праверку распачала пракуратура Гайнаўскага раёна.
PAP/нг