Беларуская Служба

У Варшаве гарыць гандлёвы комплекс на вуліцы Марывільскай

12.05.2024 08:45
Пажар вельмі маштабны, ратаўнічыя і пажарныя службы змагаюцца, каб патушыць агонь. 
Ілюстрацыйны здымакPAP/Leszek Szymański

Старшы аспірант Багдан Смотэр з прэс-групы Гарадскога штаба Дзяржаўнай пажарнай службы ў Варшаве паведаміў Польскаму радыё, што пажар быў вельмі маштабны.

«Мы ўсё яшчэ змагаемся. Уся зала гарыць. На месцы працуюць каля паўсотні пажарных брыгад, дзве аператыўныя групы - ваяводская ды муніцыпальная - і гарадскія каменданты. Агонь пакуль не лакалізаваны», - паведаміў прэс-сакратар.

Пажар пачаўся каля 3:15 ночы, на момант прыбыцця пажарных агонь ахапіў практычна ўвесь аб'ект.

Гандлёвы цэнтр на вуліцы Марывільскай 44 мае гандлёвую залу плошчай 140 тысяч квадратных метраў. Унутры тысяча чатырыста крам - у асноўным адзенне. Аптавікі таксама часта там трымаюць свой тавар.

Вецер цягне дым на паўднёвы захад - у бок мікрараёнаў Беляны, Бямова, Ламянкі і цэнтру Варшавы.

Прэс-сакратар галоўнага камандуючага Дзяржаўнай пажарнай службы Караль Кяржкоўскі звярнуўся да жыхароў польскай сталіцы з просьбай зачыніць вокны і абмежаваць фізічную актыўнасць. Ён таксама просіць людзей пазбягаць гэтай часткі Варшавы, каб палегчыць доступ для пажарных падраздзяленняў.

ПР/юл