Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі абвясціў у панядзелак у Бруселі, што ў сувязі з удзелам Расіі ў гібрыднай вайне супраць ЕС, у тым ліку супраць Польшчы, ён вырашыў увесці абмежаванні на перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў па краіне.
«Я толькі што абвясціў аб рашэнні Польшчы ў сувязі з удзелам расійскай дзяржавы ў гібрыднай вайне супраць ЕС, у тым ліку супраць Польшчы. Гэта будуць абмежаванні на перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў у нашай краіне», – сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі.
Ён дадаў, што ў бліжэйшы час амбасада Расіі атрымае ноту на гэты конт.
Расійскія дыпламаты змогуць перамяшчацца толькі ў межах Мазавецкага ваяводства (гэта цэнтральная частка Польшчы), а консулы — толькі ў тых ваяводствах, на тэрыторыі якіх яны дзейнічаюць. Гэта будзе тычыцца дыпламатаў, акрамя амбасадара.
Як дадаў Сікорскі, Польшча не адзіная краіна ЕЗ, якая ўвяла такія абмежаванні. У іншых краінах ЕС такія правілы ўжо ёсць. «Мы спадзяёмся, што і іншыя пойдуць за нашым прыкладам», — дадаў Сікорскі, падкрэсліўшы, што гэтыя рашэнні з'яўляюцца абавязкам дзяржаў-членаў.
Польшча была вымушаная ўвесці абмежаванні, бо мае доказы датычнасці расійскай дзяржавы да арганізацыі дыверсій і на сваёй тэрыторыі.
«У Польшчы ўжо арыштаваны чалавек, які ледзь не здзейсніў дыверсію, і ўжо ёсць іншыя падазраваныя. Мы спадзяёмся, што Расійская Федэрацыя ўспрыме гэта (абмежаванні — рэд.) як вельмі сур'ёзны папераджальны сігнал», — сказаў Сікорскі.
У панядзелак палітык прыняў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС у Брусэлі.
PAP/вх