Беларуская Служба

У сталіцы Чэхіі саюзнікі НАТА дамаўляліся наконт ліпеньскага саміту Альянсу

31.05.2024 17:15
«Нефармальная сустрэча міністраў замежных справаў НАТА наблізіла саюзнікаў да важных рашэнняў», заявіў пасля сустрэчы ў Празе кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі.
Радаслаў Сікорскі EPA/MARTIN DIVISEK / POOL Dostawca: PAP/EPA.

У сталіцы Чэхіі дамовіліся, у тым ліку, узмацніць пасланне адносна будучага сяброўства Украіны ў Альянсе.

Чакаецца, што на ліпеньскім саміце НАТА ў Вашынгтоне таксама будзе прынята рашэнне аб стварэнні механізму фінансавай падтрымкі абароны Украіны. Чакаецца, што ён будзе каштаваць сорак мільярдаў долараў у год, і палову гэтай сумы будуць пакрываць ЗША.

Перамовы ў Празе тычыліся таксама дыверсійнай дзейнасці Расіі ў краінах НАТА.

«Аказваецца, падпалы, з якімі мы маем справу ў Польшчы, адбываюцца і ў іншых саюзных краінах. Я падзяліўся тым, што мы робім у гэтым плане, гэта значыць абмяжоўваем магчымасць перамяшчэння расійскіх дыпламатаў па нашай тэрыторыі», – абвясціў Радаслаў Сікорскі.

Польскі міністр паведаміў саюзнікам пра напады на польскіх жаўнераў на польска-беларускай мяжы.

«Я ахарактарызаваў гэта як частку гібрыднай атакі на Польшчу і НАТА, але я быў не адзін. Пра тое ж казалі міністры замежных спраў Фінляндыі і краін Балтыі. У Эстоніі расіяне нават знялі памежныя буі з эстонскага боку на мяжы».

Радаслаў Сікорскі паведаміў, што Польшча плануе падрыхтаваць украінскі атрад з грамадзян гэтай краіны, якія пражываюць у Польшчы. Гэта людзі, якія падлягаюць прызыву ва ўкраінскае войска. Міністр дадаў, што гэта больш бяспечнае і эфектыўнае рашэнне ў параўнанні з магчымай адпраўкай трэніровачнай місіі ва Украіну.
яс/IAR