Польшча разам з Нямеччынай і Швецыяй будзе адказваць за бяспеку ў Балтыйскім моры ад імя НАТА.
Віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш абвясціў у Бруселі, што саюзнікі дамовіліся, што тры краіны створаць сумеснае ратацыйнае камандаванне.
Цяпер камандаванне ў Норфалку, ЗША, адказвае за марскую абарону і флот НАТА. Але ўжо даўно вядуцца дыскусіі аб тым, што для аховы Балтыйскага мора трэба новая структура з-за яго асаблівага размяшчэння і блізкасці да Расеі, якая пастаянна чыніць правакацыі.
«Я хацеў, каб Польшча адыгрывала ключавую ролю, і гэта было дасягнута, — сказаў кіраўнік польскага міністэрства нацыянальнай абароны. — Гэта будзе азначаць пачарговае камандаванне саюзнымі сіламі ў Балтыйскім моры».
Міністр таксама пералічыў прычыны, па якіх ён дамагаўся ключавой ролі Польшчы. «Па-першае, Балтыйскае мора для нас вельмі важнае. Па-другое, мы хочам палепшыць магчымасці ваенна-марскога флоту, і ён заслугоўвае значна большай падтрымкі. І найбольшыя пагрозы ў гэтай сферы таксама скіраваныя ў бок Польшчы», — адзначыў віцэ-прэм'ер і міністр абароны Польшчы.
Канчатковыя рашэнні па гэтым пытанні кіраўнікі НАТА прымуць на саміце ў Вашынгтоне і тады стане вядома, калі балтыйскае камандаванне будзе аператыўна гатова.
IAR/вх