Беларуская Служба

Паляк хваліўся, што ваяваў ва Украіне ў «Групе Вагнера». Будзе суд

27.08.2024 15:46
Авантура з «Групай Вагнера» можа скончыцца для грамадзяніна Польшчы турмой.
Найміты ПВК «Вагнэр»Shutterstock/Andrey Sayfutdinov

Мужчына хваліўся, што з'яўляецца членам прыватнай вайсковай кампаніі «Група Вагнера», якая на Захадзе прызнаная злачыннай расійскай арганізацыі, і паліцыя знайшла некаторыя ўскосныя доказы таго, што ён, як мінімум, сімпатызуе ёй. У судзе мужчына адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказанняў, але шмат сведчыць пра тое, што пакарання яму не пазбегнуць, паведамляе Forsal.pl.

Расійская прыватная вайсковая кампанія «Група Вагнера», якая праславілася шматлікімі зверствамі ва Украіне, імпануе не толькі расіянам. На яе «дасягненні» вырашыў спаслацца паляк Пётр К., які жыве ў Вялікабрытаніі.

Летась мужчына прымаў удзел у рэканструкцыі ў Стонхэм-Аспал у графстве Сафалк. Калі ўзніклі непаразуменні з іншымі ўдзельнікамі, пачаў ім пагражаць: дастаў нож, паказаў жэст, які імітуе пераразанне горла,  пагражаў вербальна. Ён крычаў, што з'яўляецца членам «Групы Вагнера» і ўдзельнічаў у баях ва Украіне. У выніку прыехала паліцыя ды затрымала мужчыну. Напэўна, на гэтым усё б і скончылася, але падчас вобшуку дома былі знойдзеныя нашыўкі «Вагнер» на вопратцы.

У выніку дзеянні Пятра К. кваліфікавалі не як звычайнае хуліганства, яго паводзіны падпадаюць пад антытэрарыстычныя нормы. Мужчына  трапіў за краты.

Расследаванне вяло спецыяльнае антытэрарыстычнае падраздзяленне Вялікабрытаніі, кіраўнік якога Ханна Уілкінсан заявіла, што мужчына наўмысна выдаваў сябе за члена тэрарыстычнай арганізацыі, каб выклікаць страх. Яна таксама прызнала, што няма відавочных доказаў таго, што паляк ваяваў ва Украіне ў шэрагах расійскіх тэрарыстаў, але выказванне падтрымкі  ПВК «Група Вагнера» і спасылка на яе можа быць падставай для вынясення абвінаваўчага вердыкту.

Прысуд будзе абвешчаны 1 лістапада.

forsal.pl/вх