Беларуская Служба

У Познані пачынаецца фестываль «Украінская вясна»

04.10.2024 08:47
Сёлетні 17-ы фестываль «Украінская вясна» ў Познані будзе прысвечаны тэмам, звязаным з прыродай, навакольным асяроддзем і ўплывам на іх вайны. Паводле арганізатараў, гэта найбуйнейшы фэст украінскай культуры ў Польшчы.
 .
Афіша фестывалю.facebook.com/ukrainska.wiosna

Суарганізатарка мерапрыемства Марыя Андрухіў паведаміла, што фестываль, які першапачаткова быў задуманы як магчымасць пазнаёміцца з суседняй краінай, змяняецца — у Познані і Польшчы агулам пражывае ўсё больш украінцаў.

«Украінская вясна» — гэта падзея, накіраваная на разбурэнне бар'ераў і стэрэатыпаў, адкрыццё новых талентаў і інтэграцыю мастакоў з Польшчы і Украіны. Фестываль з'яўляецца вынікам работы Грамадска-культурнага таварыства «Польшча-Украіна» ў Познані.

У суботу ў Культурным цэнтры «Замецька» адбудзецца канцэрт аркестра YsOU. Гэта маладзёжны сімфанічны арктр Украіны. Аркестр выканае творы ўкраінскіх кампазітараў і еўрапейскую класіку. Ансамбль YsOU быў створаны ў 2016 годзе як адзіны моладзевы сімфанічны аркестр Украіны. З пачаткам поўнамаштабнай вайны аркестр рэалізоўвае праекты за мяжой, выконваючы функцыі культурнага амбасадара Украіны. Канцэрт у Познані стане дэбютам гурта ў Польшчы. Уваход на канцэрт вольны, пры прад'яўленні білета.

У праграме фестывалю — дэбаты «Вайна з птушынай перспектывы», майстар-класы па выразанні з паперы, кніжны кірмаш выхаднога дня, прагляд фільма «Я і Фелікс» рэжысёра Ірыны Цілык і суботняя літаратурная сустрэча з праф. Арысай Дэмска. Тэмай лекцыі будуць адносіны мовы і прыроднага асяроддзя.  7 кастрычніка ў Тэатры мультыплікацыі адбудзецца спектакль «Карпацкая лютасць» рэжысёра Дзмітрыя Лявончука, прысвечаны тэме лесанарыхтовак у карпацкіх лясах.

«Наш фестываль ужо шмат гадоў з'яўляецца своеасаблівым сацыяльным маніфестам. Мы стараемся гаварыць пра сацыяльна і палітычна значныя рэчы. Сёлета мы робім акцэнт на экалагічны аспект, аспект прыроды — таксама ў кантэксце расійскай агрэсіі», —  паведаміла віцэ-прэзідэнт Грамадска-культурнай асацыяцыі «Polska» Марыя Андрухіў

«Першапачатковая місія фестывалю — пазнаць бліжняга. У гэты момант узаемнае пазнанне ўжо на іншым узроўні. Сёння стасункі паміж палякамі і ўкраінцамі — гэта, можна сказаць, штодзённасць. Тым не менш, трэба ствараць прастору для размоў і дыскусій. Новая сітуацыя, звязаная з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, выклікала з'яўленне новых сацыяльных тэм. Яны часта палярызуюць наша грамадства. Узнікаюць канфлікты. Фестываль застаецца месцам для размовы, для дыялогу і пошуку кампрамісу», — адзначыла Марыя Андрухіў.

Яна падкрэсліла важнасць Польшчы для дзеячаў культуры з Украіны.

«Цяпер у Польшчы існуе шмат мастацкіх рэзідэнцый для мастакоў з Украіны. Яны могуць працягваць ствараць, працягваць выступаць, працягваць развіваць сваё мастацтва. Мы маем шмат прыкладаў зліцця польскай і ўкраінскай культур; збліжаюцца тэмы, збліжаюцца ідэі, ствараюцца агульныя рэчы», — сказала яна.

Фестываль пройдзе з пятніцы па панядзелак 7 кастрычніка. «Украінская вясна» развіваецца дзякуючы падтрымцы мясцовых улад рэгіёна і Познані. Сёлетні фестываль праводзіцца ў супрацоўніцтве з Культурным цэнтрам Zamek і Асацыяцыяй Łazęga Poznańska.

PAP/вх