Беларуская Служба

У 2024 годзе 5,7 тыс. беларусаў сталі грамадзянамі Польшчы на падставе працэдуры прызнання

07.06.2025 14:17
У 2024 годзе 5 683 беларусы сталі грамадзянамі Польшчы на падставе працэдуры прызнання.
Польскі пашпарт Shutterstock/PaulSat

Адкрытыя дадзеныя прааналізавалі журналісты «Позірку».

Прызнанне грамадзянінам Польшчы (uznanie za obywatela polskiego) — адміністрацыйны акт прыняцця ваяводам у грамадзянства замежніка, які мае шчыльныя сувязі з краінай (працяглае пражыванне, дазвол на жыхарства, наяўнасць польскіх каранёў і іншыя прадугледжаныя законам падставы).

Варта адрозніваць ад працэдуры надання грамадзянства (nadanie obywatelstwa polskiego), калі адпаведнае рашэнне прымае прэзідэнт.

Паводле афіцыйных даных, ваявода Мазавецкага ваяводства (на гэтай тэрыторыі знаходзіцца Варшава) прызнаў грамадзянамі Польшчы 2 248 беларусаў, Паморскага — 726, Падляскага — 663, Вялікапольскага — 432, Малапольскага — 431, Ніжнесілезскага — 291, Лодзінскага — 230, Заходнепаморскага — 146, Люблінскага — 132, Сілезскага — 110, Куяўска-Паморскага — 78, Варміньска-Мазурскага — 66, Любушскага — 41, Свентакшыскага — 29, Апольскага — 27, Падкарпацкага — 27; міністр унутраных спраў і адміністрацыі як орган другой інстанцыі — 27.

Агулам гэтыя органы прынялі 10 925 рашэнняў аб прызнанні грамадзянінам Польшчы ў дачыненні да 14 828 замежнікаў. Сярод іх беларусы займаюць 38,34%, саступаючы толькі ўкраінцам (7 451 чалавек; 50,27%).

Летась рашэнне адмовіць у прызнанні грамадзянінам Польшчы было прынятае ў дачыненні да 506 замежнікаў, сярод якіх 148 беларусаў (29,25%) і 216 украінцаў (42,69%).

Паводле даных Упраўлення па справах замежнікаў, у Польшчы сёлета на ​​канец лютага пражывала 143,1 тыс. грамадзян Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх знаходжанне ў краіне.

вх