Беларусь гуляе на эмоцыях і спрабуе настроіць польскіх перавозчыкаў супраць урада, які вырашыў закрыць памежных пераход у Тэрэспалі. Мытны камітэт у Мінску паведамляе, што ў Беларусі затрымаліся сотні польскіх грузавікоў. Паводле старонкі «Wirtualna Polska», польскае МУС памылілася, выказаўшы здагадку, што перавозчыкі змогуць выехаць з Беларусі праз літоўска-беларускую мяжу.
Як паведаміў у заяве ад 17 верасня Мытны камітэт Беларусі, «па віне польскага боку, на тэрыторыі Беларусі засталіся 1 453 грузавікі, зарэгістраваныя ў Польшчы (…), выезд якіх магчымы толькі праз беларуска-польскую мяжу».
Гэта рэакцыя на закрыццё апошняга дзеючага перахода на польска-беларускай мяжы
У заяве гаворыцца, што прадпрымальнікі «сталі закладнікамі дзеянняў уласнага ўрада», і што беларуская мытная служба можа прыцягнуць іх да юрыдычнай адказнасці. Адначасова чыноўнікі Лукашэнкі прапануюць, «у духу добрасуседства», прадоўжыць яшчэ на 10 дзён тэрмін прыпынку польскіх грузавікоў на тэрыторыі Беларусі і прадстаўляюць сябе гатовымі ратаваць польскія кампаніі.
Адрозненні ў дадзеных
Нацыянальная падаткавая адміністрацыя Польшчы (KRS) заявіла, што не мае дадзеных для пацверджання або абвяржэння колькасці грузавікоў, пра якую кажа беларускі бок.
Прэс-сакратар Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Анна Бжазіньска называе сітуацыю вельмі складанай. «Пераважная большасць польскіх кіроўцаў, якія затрымаліся за мяжой, вярнуліся дадому, але без сваіх транспартных сродкаў», – сказала яна, спасылаючыся на паведамленні членаў асацыяцыі.
Згодна з дадзенымі з электроннай чаргі Беларусі (Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў мае доступ да гэтай сістэмы), па стане на 18 верасня на мяжы паміж Беларуссю і Польшай знаходзілася 965 зарэгістраваных транспартных сродкаў.
«Аднак, паводле інфармацыі, якую мы сабралі ад нашых членаў, гаворка ідзе пра больш чым 100 транспартных сродкаў. Гэтае разыходжанне паказвае, наколькі сітуацыя складаная », – тлумачыць Бжазіньска. «Шматлікія кампаніі ўжо пытаюцца пра кампенсацыю», – дадае яна.
Памылка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі – яно вызначыла пераходы, зачыненыя ўжо два гады
Старонка «Wirtualna Polska» звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі з пытаннем пра сітуацыю польскіх кіроўцаў і магчымасць падтрымкі перавозчыкаў, якія засталіся ў Беларусі пасля закрыцця памежнага перахода ў Тэрэспалі.
Прэс-сакратар міністэрства Караліна Галэцка паведаміла, што кіроўцы могуць карыстацца іншымі беларускімі пераходамі. «Мы ўсведамляем, што прыпыненне памежнага руху з'яўляецца праблемай для перавозчыкаў, якія, напрыклад, павінны карыстацца памежнымі пераходамі ў Літве для ажыццяўлення сваіх перавозак», – сказала яна.
«Страты будуць ацэнены, як толькі мы даведаемся, як доўга мяжа будзе зачыненая. Зыходзячы з гэтага, урад будзе прымаць рашэнне аб магчымай падтрымцы асобных галін прамысловасці», – запэўніла яна.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі зрабіла памылку, звяртаюць увагу суразмоўцы старонкі. Яны нагадваюць, што памежныя пераходы паміж Беларуссю і Літвой застаюцца закрытымі для перавозчыкаў з 2023 года. Гэта адказ Беларусі на раней абвешчаныя санкцыі і абмежаванні ў транспамежным руху, у тым ліку закрыццё перахода ў Баброўніках.
«Адзіным памежным пераходам, праз які польскія перавозчыкі маглі ўехаць у Беларусь, быў тэрмінал Карошчын-Казловічы каля Тэрэспаля. Перавозчыкі могуць дастаўляць тавары толькі ў бліжэйшыя размеркавальныя цэнтры, размешчаныя за дзясятак ці некалькі дзясяткаў кіламетраў. Яны не могуць падарожнічаць па тэрыторыі Беларусі і карыстацца іншымі памежнымі пераходамі, такімі як беларуска-літоўскія», – падкрэсліла яна.
Польскія кампаніі, кіроўцы і транспартныя сродкі апынуліся ў пастцы
Як паведаміў кіраўнік адной з транспартных кампаній, якія працуюць на рынку, кіроўцы ў цяперашні час абавязаны рэгістравацца ў беларускіх мытнікаў і спадзявацца на іх паблажлівасць. Кожны дзень затрымання каштуе 66 еўра, хоць чыноўнікі прапануюць зніжку да 13 еўра.
«Няма магчымасці абысці сістэму. Пры ўездзе кожны грузавік атрымлівае запячатаную прыладу GPS і кантралюецца дыстанцыйна. Невыкананне правілаў можа прывесці да штрафаў у сотні еўра. Кіроўцы не могуць спрабаваць перасекчы Літву, бо інакш іх не аформяць і адразу ж аштрафуюць(…)Большасць кіроўцаў, якія працуюць у польскіх кампаніях – гэта беларусы, але, перш за ўсё, у гэтай гульні на карту пастаўлены нашы актывы: прычэпы, транспартныя сродкі і тавары», – падкрэсліў прадпрымальнік, які пажадаў застацца ананімным.
Кожны павінен быў сам разлічыць рызыку
Нагадваем, 9 верасня польскі ўрад абвясціў аб закрыцці памежнага перахода ў Тэрэспалі, а апоўначы 12 верасня дарогі былі перакрытыя. У выніку польскія перавозчыкі апынуліся ў пастцы. Гэта выклікае пытанні аб тым, ці заява аб планаваным закрыцці мяжы была зроблена дастаткова рана, каб прыпыніць перавозкі або павярнуць назад.
«Кожны павінен быў сам разлічыць рызыку і прыняць лагістычныя рашэнні: ці зможа ён вярнуцца своечасова, ці застанецца на беларускім баку», – каментуе Анна Бжазіньска.
«Важна памятаць, што перавозкі на ўсход – у Расію, праз Беларусь ці нават ва Украіну – гадамі былі моцна абмежаваныя, а ў многіх выпадках практычна спыненыя. Для кампаній, якія спецыялізуюцца ў гэтым кірунку, кожны кантракт з’яўляецца вельмі каштоўным. Нядзіўна, што многія перавозчыкі спрабавалі выканаць свае кантракты і пазбегнуць страт», – дадае прадстаўніца Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі сцвярджае, што «няма новай інфармацыі» адносна даты магчымага адкрыцця мяжы.
«Закрыццё польска-беларускай мяжы дзейнічае да далейшага паведамлення і прадыктавана заклапочанасцю бяспекай палякаў. Забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян зʼяўляецца нашым прыярытэтам. Мы падкрэсліваем, што прынятае рашэнне звязана з расійска-беларускімі вучэннямі «Захад-2025», але гэта не азначае, што мяжа будзе зачынена выключна на час гэтых вучэнняў», – чытаем у заяве міністэрства.
аз