Дэпутат ад правай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» былы генпракурор і міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра атрымаў міжнародную абарону і палітычны прытулак у Венгрыі з-за «парушэнняў правоў і свабод, гарантаваных міжнародным правам, на тэрыторыі Польшчы», паведаміў на партале X адвакат палітыка Барташ Левандоўскі.
Паводле адваката, палітык атрымаў прытулак « у сувязі з дзеяннямі пракуратуры і дзяржаўных службаў, якія прывялі да шэрагу дзеянняў, якія маюць прыкметы палітычна матываваных палітычных рэпрэсій». У якасці прыкладаў такіх дзеянняў ён назваў ануляванне пашпартоў Збігнева Зёбра і пазбаўленне яго сродкаў да жыцця з-за арышту маёмасці.
Барташ Левандоўскі (Bartosz Lewandowski) дадаў, што цяпер яго кліент атрымаў так званы Жэнеўскі пашпарт:
- У выніку быў выдадзены пашпарт у адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй аб абароне асоб, якія шукаюць прытулку. Варта адзначыць, што гэты пашпарт (пашпарт Збігнева Зёбры- рэд.) быў фактычнага ануляваны пасля ранейшых публічных заяваў польскага ўрада – гаворка ідзе як пра дыпламатычны, так і прыватны пашпарты.
Сам палітык паведаміў, што падаў заяву аб міжнароднай абароне для сваёй жонкі. «Я вырашыў, што не дазволю, каб мае дзеці былі пазбаўлены апекі маці, і каб мая жонка – замест мяне – стала ахвярай псіхапатычнай помсты Дональда Туска», – паясніў Збігнеў Зёбра ў сваёй заяве.
Нагадваем, пракуратура ў Польшчы плануе прад'явіць Збігневу Зёбра 26 абвінавачванняў, звязаных са скандалам у Фондзе справядлівасці, у тым ліку, абвінавачванне ў кіраванні арганізаванай злачыннай групай.
Збігнеў Зёбра, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў Венгрыі, сцвярджае, што ён невінаваты.
У пятніцу венгерскі сайт расследаванняў VSquare паведаміў, што ўрад Венгрыі даў палітычны прытулак двум грамадзянам Польшчы. Аднак урад Віктара Орбана не раскрывае прозвішчаў палякаў, якім згаданы статус быў прадастаўлены.
Рашэнне Будапешта было прынята роўна праз год пасля таго, як палітычны прытулак у Венгрыі атрымаў былы намеснік міністра юстыцыі і дэпутат ад «Права і справядлівасці» Марцін Раманоўскі. Палітык пакінуў Польшчу пасля таго, як на яго былі выдадзены ордэр на арышт і Еўрапейскі ордэр на арышт.
IAR/аз