Праз некалькі тыдняў у Польшчы перастане дзейнічаць Атаўская канвенцыя, якая з 1997 года забараняла, у прыватнасці, выкарыстанне супрацьпяхотных мін. Пасля спынення яе дзеяння Войска Польскае атрымае больш магчымасцяў па ахове ўсходняй мяжы ў рамках праграмы «Усходні шчыт», у тым магчымасць выкарыстання мін.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык падкрэсліў, што гэта не азначае неадкладнага з’яўлення мінных палёў на мяжы.
«Мы ствараем для сябе магчымасць вырабляць і мець у запасе супрацьпяхотныя міны, але не маем намеру размяшчаць іх на ўсходняй мяжы. Падрыхтаваныя месцы для магчымага мініравання — як супрацьтанкавага, так і супрацьпяхотнага. У залежнасці ад рашэнняў Генштаба, войска і планіроўшчыкаў яны могуць быць выкарыстаныя ў будучыні», — заявіў Томчык.
Паводле палітыка, у выпадку прыняцця рашэння мініраванне зойме каля 48 гадзін. Для гэтага плануецца выкарыстоўваць польскія машыны дыстанцыйнага мініравання Baobab.
Польшча і краіны Балтыі дэнансавалі Атаўскую канвенцыю ў ліпені мінулага года, тлумачачы гэта тым, што Расія не выконвае яе нормаў.
iar/эж