Беларуская Служба

«Вялікі дзень для польскай бяспекі». Парламент прыняў закон аб праграме абаронных інвестыцый

13.02.2026 12:26
У рамках праграмы ЕС польскі ўрад зможа атрымаць доступ да мільярдаў еўра крэдытаў па выгадных працэнтных стаўках.
Сейм Польшчыфота: Twitter/Sejm RP

Сейм (ніжняя палата парламента) прыняў законапраект аб праграме SAFE. 236 дэпутатаў прагаласавалі «за», 199 — «супраць», а чатыры ўстрымаліся.

Праграма SAFE уводзіць новы фінансавы інструмент ЕС для набыцця абароннага абсталявання. Польшча можа атрымаць з гэтага фонду амаль 44 мільярды еўра.

Ніколі раней грошы на польскую абаронную праграму не выдзяляліся ў такім маштабе, - падкрэсліла Магдалена Сабковяк-Чарнецка (Magdalena Sobkowiak-Czarnecka), паўнамоцны прадстаўнік урада па праграме SAFE. Яна заявіла на прэс-канферэнцыі, што гэта «вялікі дзень для польскай бяспекі».

— Грошы мы патрацім на нашу бяспеку, на рэалізацыю патрэб нашай арміі, мы іх выдаткуем на ўмацаванне памежнай аховы, умацаванне кіберпрасторы, паліцыі – на тое, што звязана з нашай бяспекай. Але гэта не ўсё. Праграма SAFE – гэта таксама капіталаўкладанні ў польскую эканоміку. 80% гэтых сродкаў будзе інвестыцыямі ў польскі Ваенна-прамысловы комплекс. 

У рамках праграмы ЕС польскі ўрад зможа атрымаць доступ да мільярдаў еўра крэдытаў па выгадных працэнтных стаўках і выдаткаваць іх на інвестыцыі ў абарону. Першыя сродкі з праграмы SAFE могуць паступіць у Польшчу ў сакавіку.

Пытанне аб еўрапейскіх крэдытах, звязаных з гэтым механізмам, было адной з тэм пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі ў сераду (11 лютага). Прэзідэнт яшчэ не вырашыў, ці падпіша закон. Сумневы Караля Наўроцкага выклікае, між іншым, адсутнасць — на яго думку — механізмаў кантролю за магчымай карупцыяй.

IAR/нг