Беларуская Служба

Літоўская меншасць у Польшчы адзначае гадавіну аднаўлення незалежнасці Літвы

15.02.2026 17:22
16 лютага 1918 года Літоўская рада (Тарыба) падпісала акт абвяшчэння незалежнасці краіны.
Літоўскія сцягіshutterstock/Janis Smits

Прадстаўнікі літоўскай меншасці на Сувальшчыне ў нядзелю адзначаюць 108-ю гадавіну аднаўлення незалежнасці. Дзень адраджэння Літоўскай дзяржавы літоўцы лічаць адным з двух найважнейшых нацыянальных святаў.

Літва адзначае свята незалежнасці 16 лютага, але меншасць, што жыве на памежжы з польскага боку, святкуе яго ў нядзелю.

Урачыстасці пачаліся святой імшой у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сувалках. Літоўцы кажуць, што гэта час, калі супольнасць збіраецца разам, каб падзякаваць за свабоду і папрасіць благаслаўлення для сваёй зямлі і яе жыхароў. У Літоўскай пачатковай школе ў Сувалках зладжана мастацкая частка.

Дзень адраджэння Літоўскай дзяржавы адзначылі таксама літоўцы з Сейнаў. Урачыстасці прайшлі ў Літоўскім доме ў Сейнах.

Паводле ацэнак літоўскіх арганізацый, у Польшчы жывуць некалькі тысяч чалавек літоўскага паходжання. Найбольшыя супольнасці літоўцаў знаходзяцца ў гмінах Пуньск і Сейны, а таксама ў Сувалках.

16 лютага 1918 года Літоўская рада (Тарыба) падпісала акт абвяшчэння незалежнасці краіны. Яго падпісалі 20 чалавек, у тым ліку Станіслаў Нарутовіч — брат першага прэзідэнта незалежнай Польшчы Габрыеля Нарутовіча.

На момант падпісання акта Літва знаходзілася пад нямецкай акупацыяй; дакумент выяўляў волю народа стварыць незалежную літоўскую дзяржаву. Рэальна яна ўзнікла некалькі месяцаў пазней разам з заканчэннем Першай сусветнай вайны. 

PAP/нг