Прэзідэнт ЗША заявіў, што Еўропа «стала woke» (гэта азначае падвышаную сацыяльную і палітычную адчувальнасць да пытанняў няроўнасці, дыскрымінацыі і правоў меншасцяў) і «цяжка пазнаецца», аднак гэта не датычыцца некаторых краін, у тым ліку Польшчы. Так амерыканскі лідар адказаў на пытанне пра адносіны з Еўропай пасля рашэння Вярхоўнага суда ЗША аб ануляванні ўведзеных ім мытаў.
«Еўропа стала woke, яе не пазнаць. Але гэта не датычыцца многіх месцаў і не ўсіх краін. Паглядзіце на Венгрыю, Польшчу, Чэхію, Славакію і некалькі іншых — яны пайшлі ў іншым кірунку. Але Еўропа павінна быць моцнай, а яна становіцца мяккай. Ёсць краіны, куды прыязджаеш — не хачу называць канкрэтна — але ўсе ведаюць, пра каго я. Імі кіруюць эколагі. Ветракі знішчаюць іх палі, прыгожыя лугі і акіяны. І гэта каштуе цэлае багацце. Еўропу забіваюць дзве рэчы: энергія і іміграцыя», — сказаў Трамп, дадаўшы: «Еўропа павінна паразумнець».
Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША аб адмене мыт Трампа ставіць пад сумнеў гандлёвую дамову паміж ЕС і ЗША, падпісаную летам мінулага года. Еўракамісія звярнулася ў Белы дом за тлумачэннямі, каб удакладніць, якія крокі адміністрацыя ЗША плануе прыняць у адказ на гэтае рашэнне.
iar/эж