Польшча ў 2025 годзе ўпершыню за два гады зафіксавала дэфіцыт у знешнім гандлі — 7,7 млрд еўра. Пра гэта паведамляе Polski Instytut Ekonomiczny (PIE, Польскі эканамічны інстытут). Экспарт вырас амаль на 4%, аднак імпарт павялічыўся больш чым на 6%, што і прывяло да адмоўнага балансу.
Аналітыкі адзначаюць, што рост імпарту ў Польшчу быў звязаны з ажыўленнем унутранай эканомікі і павелічэннем паставак з краін, якія развіваюцца, перадусім з Кітая. Доля кітайскіх тавараў у польскім імпарце павялічылася з 14,5% да 15,5%. Найбольш хутка раслі закупкі машын, аўтамабіляў і тавараў народнага спажывання.
Нягледзячы на павелічэння мыт з боку ЗША, польскі экспарт у гэтым напрамку амаль не змяніўся. Варта таксама адзначыць, што ў 2025 годзе польскі экспарт упершыню ў гісторыі перавысіў расійскі. За 11 месяцаў мінулага года розніца склала 2 млрд долараў на карысць Польшчы.
Паводле PIE, хуткага паскарэння экспарту ў бліжэйшы час чакаць не варта з-за павольнага росту эканомікі ў ЕС і глабальных гандлёвых рызык.
pap/эж