Беларуская Служба

У Польшчы распрацоўваецца законапраект для атрымання сродкаў ЕС на абарону

27.02.2026 13:56
Ідзецца пра праграму ЕС SAFE, прызначаную на інвестыцыі ў абарону, якая ацэньваецца прыкладна ў 150 мільярдаў еўра.
             SAFE
Абмеркаванне ў польскім Сэйме паправак да законапраекта аб рэалізацыі праграмы абарончых інвестыцый ЕС SAFEPAP/Paweł Supernak

Польшча можа стаць найбуйнейшым бенефіцыярам праграмы SAFE. З 150 мільярдаў еўра Варшава атрымае амаль траціну – каля 44 мільярдаў еўра – нізкапрацэнтных крэдытаў на льготных умовах. Польскі ўрад плануе сфінансаваць 130 праектаў праз праграму SAFE. Пагашэнне крэдыту пачнецца праз 10 гадоў і будзе паэтапна ўкараняцца да 2070 года. Урад заяўляе, што 89 працэнтаў сродкаў SAFE пойдуць польскім абаронным кампаніям.

У пятніцу дэпутаты заняліся разглядам паправак Сената ў законапраект аб рэалізацыі праграмы SAFE. Сярод іншага, сенатары вырашылі, што сродкі на пагашэнне крэдытаў з фонду будуць паступаць не з бюджэту Міністэрства абароны, а з рэзерваў, створаных у дзяржаўным бюджэце. Яшчэ адна папраўка прадугледжвае, што выкарыстанне сродкаў крэдыту SAFE будзе кантралявацца з боку антыкарупцыйных і контрразведвальных органаў.

Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск спадзяецца, што магчымасці новай праграмы ўразяць прэзідэнта, і ён падпіша законапраект. Урад вырашыў прадставіць падрабязную інфармацыю адносна інструмента ЕС. Непасрэдна перад галасаваннем у Сейме па законапраекце аб рэалізацыі праграмы Дональд Туск яшчэ раз падкрэсліў, што гэта не палітычны праект, а абарончы.

— Праект мае падтрымку з боку генералаў ды экспертаў. Шмат людзей працавала над ім, спадзяюся, што нехта прачухаецца.

Вайскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы перадумоў праграмы SAFE, нават на этапе праектавання. Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сіл Польшчы генерал Веслаў Кукула падчас брыфінгу для СМІ заявіў, што менавіта вайскоўцы вызначаюць, калі Польшча павінна дасягнуць сваіх максімальных абарончых магчымасцяў.

— Адсюль узялася перспектыва 2030-га года, бо менавіта войска зазначыла, што на гэты час трэба збудаваць здольнасць запалохвання патэнцыйнага ворага праз радыкальнае павелічэнне абаронных магчымасцяў. Мы падрыхтавалі план мадэрнізацыі ды пільных аператыўных патрэбаў.

Падчас сустрэчы, на якой, сярод іншых, прысутнічалі прэмʼер-міністр, міністр нацыянальнай абароны і міністр унутраных спраў і адміністрацыі, у філіяле PIT-RADWAR у Кобылцы пад Варшавай абмяркоўваліся новыя магчымасці, якія Польская армія збудуе дзякуючы праграме SAFE.

ПР/юл