Беларуская Служба

Польскія ўлады рыхтуюцца да магчымай эвакуацыі турыстаў з Блізкага Усходу

04.03.2026 09:04
На сённяшні дзень больш за 480 чалавек былі эвакуяваныя з раёнаў, якім непасрэдна пагражае вайна, а менавіта з Ізраілю, Іярданіі і Лівана.
        ,
Пажар у нафтавай прамысловай зоне Фуджайры пасля падзення абломкаў, збітага іранскага беспілотніка ў Аб'яднаных Арабскіх ЭміратахREUTERS

Дзесяць тысяч грамадзян Польшчы, якія пражываюць у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, зарэгістраваліся ў сістэме Odyseusz.

Польскі ўрад ацэньвае, што сітуацыя ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах не ўяўляе непасрэднай пагрозы для палякаў, якія там знаходзяцца. Любая патэнцыйная эвакуацыя будзе скаардынаваная ў супрацоўніцтве з турыстычнымі агенцтвамі і еўрапейскімі партнёрамі. Ніводзін паляк не застанецца без дапамогі, калі яна спатрэбіцца.

«Мы гатовыя да эвакуацыі, у тым ліку самалётамі, якія ёсць у распараджэнні ўрада», — запэўніў прэм’ер-міністр Дональд Туск.

Эміраты заявілі, што забяспечаць дапамогу турыстам, якія затрымаліся ў краіне з-за іранскіх абстрэлаў. Аднак у выпадку са спадаром Паўлам і яго сям’ёй турыстычнае агенцтва не змагло арганізаваць жыллё або зваротныя квіткі, калі неба над Дубаем зноў адкрылася. «Мы засталіся без аніякай інфармацыі, з двума дзецьмі і без уяўлення, калі вернемся. Горш за ўсё тое, што тыя самыя рэчы, якія прадугледжаныя законам, нават законам, не былі выкананы», — паскардзіўся турыст.

Агенцтва па бяспецы авіяцыі ЕС рэкамендуе аператарам устрымацца ад палётаў на Блізкі Усход прынамсі да 6 сакавіка.

Чатыры краіны Еўрасаюза звярнуліся па дапамогу ў ЕС у рэпатрыяцыі сваіх грамадзян з Блізкага Усходу. Гэта Італія, Славакія, Аўстрыя і Румынія. Пра гэта паведаміла карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Беата Пломецка.

Прэс-сакратар Еўрапейскай камісіі ўчора (3 сакавіка) пацвердзіла інфармацыю аб тым, што Італія першай актывавала Механізм грамадзянскай абароны ЕС. У цяперашні час, як стала вядома карэспандэнтцы Польскага радыё ў Бруселі, Еўрапейская камісія каардынуе сем рэйсаў для рэпатрыяцыі грамадзян ЕС з ахопленага вайной рэгіёну. З меркаванняў бяспекі і з-за дынамічнай сітуацыі Камісія не раскрывае падрабязнасцей аперацыі.

Механізм грамадзянскай абароны ЕС — гэта сістэма ўзаемнай дапамогі ў крызісных сітуацыях. Краіны, якія яго актывуюць, інфармуюць іншых аб праблеме і просяць падтрымкі, а Камісія каардынуе дзеянні. Падчас пандэміі ён быў выкарыстаны для дастаўкі 100 тысяч еўрапейцаў з усяго свету на Стары кантынент, калі межы былі зачыненыя, а рэйсы адмененыя.


ПР/юл