Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла, што ў красавіку сярэдні заробак у сектары прадпрыемстваў склаў 9530 злотых брута (да адлічэння падаткаў) — гэта каля 2242 еўра. Такім чынам, сярэдняя зарплата ў краіне ўжо набліжаецца да псіхалагічнай мяжы ў 10 тыс. злотых.
Аднак эканамісты нагадваюць: гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальных даходаў большасці палякаў. Статыстыка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення ўлічвае толькі кампаніі, дзе працуюць не менш за дзевяць чалавек, і не ахоплівае, напрыклад, дробны бізнэс, самазанятых, многіх работнікаў, якія працуюць на падставе дамоваў-падрадаў, а таксама бюджэтную сферу.
Паводле ацэнак экспертаў, каля 70% жыхароў Польшчы насамрэч зарабляюць менш за афіцыйны сярэдні паказчык.
Памер сярэдняга заробку мае важнае значэнне для эканомікі: ад яго залежаць унёскі ў ZUS (Фонд сацыяльнага страхавання), індэксацыя пэнсій і сацыяльных выплат, а таксама частка працоўных выплат.
iar/pap/эж