Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў спрабаваў не дапусціць абвастрэння спрэчкі вакол Ордэна Белага Арла і прапаноўваў прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму асабістую сустрэчу і сумесную прэс-канферэнцыю. Паводле яго, украінскія прадстаўнікі вялі перамовы з канцылярыяй прэзідэнта, урадам і парламентам Польшчы, аднак гэта не паўплывала на пазіцыю Наўроцкага.
Пасля таго як польскі прэзідэнт пазбавіў Зяленскага найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы ў сувязі з прысваеннем аднаму з украінскіх падраздзяленняў імя «Герояў УПА», украінскі лідар вярнуў ордэн, даслаўшы яго ў прэзідэнцкую канцылярыю праз «Новую пошту». У сваім звароце ён іранічна заўважыў, што гэтай узнагароды не былі пазбаўленыя Кацярына ІІ, Беніта Мусаліні і былы канцлер Германіі, вядомы лабіст Расіі Герхард Шродэр.
На гэтыя словы адрэагавала міністарка Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Агнешка Енджак. Яна нагадала, што польскае заканадаўства не прадугледжвае пазбаўлення ўзнагарод пасмяротна, таму прыклады Кацярыны ІІ і Мусаліні, на яе думку, недарэчныя. Што да Шродэра, то яго дзейнасць на карысць пуцінскай Расіі, паводле Енджак, заслугоўвае асуджэння, але «ён ніколі не абражаў польскі народ так адкрыта, як прэзідэнт Украіны».
Міністарка таксама адзначыла, што ў Германіі не ўшаноўваюць дзеячаў нацысцкага рэжыму і не называюць іх імёнамі вайсковыя падраздзяленні.
pap/iar/эж