Улады Варшавы плануюць набыць сучасную сістэму выяўлення і маніторынгу беспілотнікаў коштам 1 млн злотых (каля 230 тыс. еўра). Праект ужо атрымаў станоўчыя заключэнні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, а таксама Мазавецкага ваяводскага штаба крызіснага кіравання. Пра планы польскай сталіцы паведамляе Radio ZET.
Сістэма будзе выяўляць, ідэнтыфікаваць і адсочваць рух беспілотнікаў над Варшавай, аднак не будзе мець функцыі іх знішчэння або нейтралізацыі.
Зараз пагадненне аб фінансаванні знаходзіцца на этапе ўзгаднення і чакае подпісу мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага. Агульны кошт праекта складзе 1 млн злотых, з якіх 800 тыс. будуць выдзелены з дзяржаўнай праграмы абароны насельніцтва і грамадзянскай абароны, а яшчэ 200 тыс. — з гарадскога бюджэту.
Пра намер стварыць уласную антыдронавую сістэму Варшава ўпершыню паведаміла яшчэ восенню 2025 года. Ініцыятыву тады падтрымаў віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
эж