Амерыканскі акцёр, сцэнарыст і рэжысёр Джэсі Айзенберг паведаміў, што ў бліжэйшы час атрымае польскае грамадзянства. Пра гэта ён сказаў у чэшскіх Карлавых Варах, дзе атрымаў прэмію Міжнароднага кінафестывалю.
Джэсі Айзенберг падкрэсліў, што хоча праводзіць больш часу ў Цэнтральнай Еўропе, адкуль паходзяць яго продкі.
— Я адчуваю сябе тут як дома. Мая сям'я жыла ў гэтай частцы свету значна даўжэй, чым у Амерыцы. У нейкім сэнсе я больш чэх ці паляк, чым амерыканец, — сказаў ён.
Атрымліваючы ўзнагароду на фестывалі, акцёр паведаміў, што роўна праз тыдзень стане грамадзянінам Польшчы. Падчас сустрэчы з гледачамі ён таксама згадаў, што спачатку яму казалі, быццам без ведання мовы і фармальных сувязей з Польшчай ён не мае шанцаў на грамадзянства.
Ён жартам дадаў, што ўсё змянілася толькі тады, калі ён пачаў адкрыта казаць пра сваё жаданне атрымаць польскае грамадзянства ў СМІ.
Джэсі Айзенберг нарадзіўся ў 1983 годзе ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям'і выхадцаў з Украіны і Польшчы. Сям'я яго маці жыла да Другой сусветнай вайны ў горадзе Красныстаў на ўсходзе Польшчы. У маі 2024 года ён паведаміў, што падаў заяву на атрыманне польскага грамадзянства, каб дапамагчы «стварыць лепшыя адносіны паміж яўрэямі і палякамі».
вс