Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) правядзе праверку пасля паведамленняў пра грамадзян Расіі ў экіпажы судна, якое ўдзельнічае ў будаўніцтве марской ветраэлектрастанцыі Baltic Power — найбуйнейшага афшорнага энергетычнага праекта краіны. Пра гэта паведаміла Business Insider Polska.
Паводле выдання, ананімны ліст са спісам экіпажа быў накіраваны ў Orlen, Міністэрства энергетыкі і Канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы. Сярод членаў экіпажа судна Farra Grainne, якое працуе для дацкай кампаніі Vestas і перавозіць тэхнічных спецыялістаў да ветрапарку, нібыта былі двое грамадзян Расіі, адзін з якіх таксама мае балгарскі пашпарт.
У польскім нафтагазавым канцэрне Orlen падкрэслілі, што расіяне не працуюць непасрэдна на Baltic Power, а доступ да аб’ектаў праходзіць строгі кантроль службы бяспекі кампаніі і польскай Памежнай службы. Vestas таксама заявіла, што ўсе патрабаванні бяспекі выкананыя, а пагроз для крытычнай інфраструктуры не выяўлена.
pap/эж