Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Мінабароны будзе створана перамоўная група для абмеркавання размяшчэння ў Польшчы пастаяннай ваеннай базы ЗША

13.07.2026 11:35
Польшча даўно выступае за пастаянную прысутнасць амерыканскіх войскаў у краіне.
Cezary Tomczyk
Cezary TomczykPhoto: Przemysław Chmielewski/Polish Radio

У бліжэйшыя дні ў Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы будзе створана група для перамоваў з ЗША па стварэнні пастаяннай ваеннай базы ў Польшчы, паведаміў намеснік міністра абароны Цэзары Томчык.

— У бліжэйшыя тыдні мы павінны атрымаць дадатковую інфармацыю, якой можна будзе падзяліцца з грамадскасцю,  дадаў ён.

У чэрвені гэтага года намеснік прэм'ера і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Пентагон адкрыты для прапановы Польшчы пастаянна размясціць амерыканскія войскі на польскай тэрыторыі. Тады ён падкрэсліў, што канчатковае рашэнне будзе залежаць ад дэталяў пагаднення.

У канцы чэрвеня кіраўнік Мінабароны абвясціў аб уступленні ў наступны этап перамоваў з ЗША адносна пастаяннай ваеннай базы ў Польшчы. У сваім пасце на платформе X ён напісаў, што ў Пентагоне праводзіцца «агляд сіл», які паслужыць падставай для далейшых рашэнняў па гэтай справе.

У панядзелак у эфіры RMF24 намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык заявіў, што працэс стварэння такіх базаў працягваецца гадамі.

Ён нагадаў, што пасля атрымання з ЗША «зялёнага святла» для гэтай ідэі, у Польшчы былі папярэдне вызначаныя два найбольш верагодныя месцы дыслакацыі  Вялікапольшча і Ніжняя Сілезія.

Польшча даўно выступае за пастаянную прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы, гэта значыць за пастаянныя базы, дзе разгортваюцца пэўныя амерыканскія падраздзяленні, а вайскоўцы пражываюць у Польшчы працяглы час, напрыклад, прывозяць свае семʼі ў Еўропу.

Паводле формулы ратацыйнай прысутнасці, амерыканцы прыязджаюць у Польшчу на некалькі месяцаў, а затым іх замяняюць калегі з іншага падраздзялення з падобным патэнцыялам.

PAP/аз