Міністр юстыцыі Польшчы Вальдэмар Журэк заявіў пра рост колькасці злачынстваў, матываваных нянавісцю, у тым ліку супраць грамадзян Украіны, і паабяцаў жорсткую рэакцыю праваахоўных органаў. Заява прагучала пасля інцыдэнту ў Бельску-Бялай, дзе мужчына ўчыніў вербальную агрэсію супраць дзвюх 11-гадовых дзяўчынак.
— Было вельмі шмат паведамленняў у пракуратуру і вельмі шмат спыненых спраў. Мы прыйшлі да высновы, што такія выпадкі часта недаацэньваліся. Цяпер няма ні грама талерантнасці да такіх дзеянняў, — падкрэсліў Журэк.
Паводле міністра, у Польшчы ўжо дзейнічае спецыяльная сістэма барацьбы са злачынствамі на глебе нянавісці: у Варшаве працуюць трое пракурораў-каардынатараў, а ў кожным рэгіёне прызначаныя адказныя пракуроры, якія праходзяць спецыяльную падрыхтоўку.
Вальдэмар Журэк таксама папярэдзіў, што распальванне варожасці можа прывесці да далейшай эскалацыі і гуляе на карысць Расіі. Міністр запэўніў, што польскія ўлады будуць «абсалютна бескампрамісна» рэагаваць на падобныя злачынствы.
iar/эж